
Нярэдка, асабліва ў летні перыяд, у кафэ падпрацоўваюць зусім юныя афіцыянты, у крамах — прадаўцы і камплектоўшчыкі, ва ўстановах сувязі — паштальёны ці аператары. Гэта тыя вакансіі, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю сярод падлеткаў. Акрамя таго, моладзь часам бывае задзейнічана ў прыборцы і азеляненні тэрыторый, рамонце школьнай мэблі, вырабе швейнай і сувенірнай прадукцыі. Калі ёсць жаданне — усяму можна навучыцца. У гэтым пераканалася карэспандэнт «Звязды».
У работніках заўсёды ёсць патрэба
Часовая працоўная занятасць арганізуецца для падлеткаў ад 14 гадоў, якія навучаюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. Працуюць хлопцы і дзяўчаты як на часова дадаткова створаных месцах з фінансаваннем выдаткаў са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва краіны, так і на свабодных працоўных месцах за кошт сродкаў наймальнікаў.
Для працаўладкавання на свабодныя месцы камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама штодня аналізуецца заяўленая наймальнікамі патрэба ў работніках і фарміруецца пералік арганізацый, гатовых браць моладзь, у тым ліку непаўналетнюю. На сёння пералік уключае 137 арганізацый горада, якія заявілі аб наяўнасці каля 2 тысяч свабодных працоўных месцаў
Узровень аплаты па вакансіях у Мінску складае ад 726 да 1500 рублёў. З пачатку года ў рамках часовай занятасці працаўладкавана 5690 навучэнцаў. Аб гэтым расказала намеснік старшыні камітэта — начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ: «Сёлета часовая працоўная занятасць за кошт сродкаў фонду арганізавана на 253 аб’ектах сталіцы для працаўладкавання звыш 11 тысяч навучэнцаў. У асноўным гэта ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама Мінскі заапарк.
Яшчэ адзін даволі папулярны кірунак — праект «Час добрых спраў», які створаны, каб палепшыць якасць жыцця падапечных дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і дапамагчы моладзі атрымаць першы досвед працы.
Працягласць працы падлеткаў не перавышае:
- у перыяд канікул: 4 гадзіны 36 хвілін (для падлеткаў ад 14 да 16 гадоў); 7 гадзін (ад 16 да 18 гадоў);
- на працягу навучальнага года ў вольны ад вучобы час: 2 гадзіны 18 хвілін (14–16 гадоў); 3 гадзіны 30 хвілін (16–18 гадоў).
Карысная справа — людзям дапамагаць
Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў Мінскім гарадскім сацыяльным пансіянаце «Крыніца», дзе забяспечваюць пастаянны догляд, бытавое абслугоўванне, а таксама займаюцца медыка-сацыяльнай, псіхалагічнай, сацыяльна-бытавой рэабілітацыяй пенсіянераў і людзей з інваліднасцю. У рамках праекта «Час добрых спраў» тут падчас летніх канікул працуюць пяць ініцыятыўных дзяўчат і хлопцаў.
Пятнаццацігадовы Ілья Філінаў у маі скончыў дзявяты клас, а на лета вырашыў уладкавацца на падпрацоўку: «Пра магчымасць працаваць у „Крыніцы“ расказала мама, — падзяліўся хлопец. — Матывацый было некалькі. Па-першае, падзарабіць грошай, каб самому купіць тое, што хочацца, і не турбаваць просьбамі бацькоў. Па-другое, тут мы дапамагаем людзям з асаблівасцямі развіцця, пажылым, а гэта карысная справа».
Працоўны дзень у юнака доўжыцца крыху больш за чатыры гадзіны. Сёння, напрыклад, стаіць задача прыбраць скошаную траву. А нядаўна фарбавалі лавачкі. Калі мы сустрэліся з маладымі людзьмі ў дворыку пансіяната, у іх быў перапынак. Седзячы з хлопцам у альтанцы, заўважыла, што суразмоўнік увесь час кантактуе з пастаяльцамі — вітаецца, пытае пра справы. У Ільі тут з’явіўся нават сябар. «Антон з асаблівасцямі развіцця, ён у пансіянаце і працуе, і пражывае. А яшчэ цудоўна спявае на французскай мове, і сам па сабе цікавы чалавек, з якім прыемна пагутарыць і нешта надзённае абмеркаваць», — расказвае школьнік.
Шаснаццацігадовы Марк Емельяновіч восенню пойдзе ў адзінаццаты клас. Яго мама працуе тут сястрой-гаспадыняй. Яна і прапанавала сыну правесці летнія канікулы, сумяшчаючы прыемнае з карысным: трошкі адпачыў, а цяпер таксама працуе ў пансіянаце. «Фарбую, капаю, зграбаю», — так апісвае кола сваіх задач юны суразмоўнік. «Падпрацоўваю летам з 14 гадоў. Тут упершыню. У цэлым задаволены — і людзям дапамагаю, і досвед набываю, і матэрыяльна не крыўдзяць»
Мілана Емельяновіч — сястра Марка — працуе тут другі год запар. «Часам дапамагаем і тым, хто пражывае ў пансіянаце. Напрыклад, інвалідную каляску перасунуць, калі ёсць складанасці. Да працы прывучалі з дзяцінства, таму ўзялася за работу з ахвотай».
Дар’я Бусько таксама ў шэрагах тых, хто неабыякава адносіцца да дапамогі навакольным: «Прыйшла працаваць разам з сяброўкай Міланай. Лічу сябе гуманітарыем, хацелася б выбраць прафесію ў гэтым кірунку, а яшчэ — вельмі люблю людзей, таму працаваць тут для мяне — задавальненне».
І кветкі паліваюць, і займаюцца вытворчасцю шопераў
У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «АРТ» таксама рэалізоўваецца праект часовай занятасці падлеткаў. Тут дзяўчаты і хлопцы атрымліваюць не толькі новыя веды па прафарыентацыі, але і робяць першыя крокі ў працоўнай дзейнасці. У летні перыяд агульная колькасць ахвотных працаўладкавацца складае 75 чалавек ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Многія з дзяцей тут невыпадкова — яны на працягу навучальнага года наведваюць гурткі па інтарэсах і маюць ужо пэўныя навыкі.
Чатырнаццацігадовы Будзімір Цюлькоў, напрыклад, некалькі гадоў займаецца ў гуртку «Суквецце» — малюе акварэльнымі фарбамі. Цікава, што інтарэс да мастацтва ў яго сям’і перадаецца з пакалення ў пакаленне: дзед быў майстрам-лялечнікам, маці і бабуля таксама творчыя натуры. «Маляваннем працягваю займацца і летам, толькі ўжо за аплату, — расказвае хлопчык. — На дзень у мяне ёсць пэўны аб’ём работы. Часам малюю птушак або, напрыклад, кветкі. Тэму ўзгадняю з педагогам. Гэтыя работы потым афармляюцца ў рамку і выкарыстоўваюцца як сувенірная прадукцыя. Гатовыя вырабы перадаюцца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, сацыяльным прытулкам сталіцы, а таксама ўручаюцца пераможцам раённых і гарадскіх мерапрыемстваў, спартыўных турніраў, падчас акцый».
Вікторыя Пашук працуе тут крыху больш за тыдзень рабочай зелянбуда 2-га разраду. Дзяўчынка расказала, што знайшла гэту работу на кірмашы вакансій: «Прыходжу ў 8:55, — дзеліцца яна. — Нам выдаюць інвентар, форму, і мы прыступаем да спраў. Калі надвор’е спрыяльнае, працуем на вуліцы. Напрыклад, паліваем расліны ці праполваем клумбы. Калі дождж або холадна, знаходзіцца работа ўнутры памяшкання».
Цікава, што ў цэнтры маладыя людзі задзейнічаны ў некалькіх кірунках: яны могуць працаваць як падсобныя рабочыя, рабочыя зялёнага будаўніцтва, вытворцы мастацкіх вырабаў з ільновалакна, аддзелачнікі мастацкіх вырабаў.
Арсеній Барыскін — дасведчаны вытворца мастацкіх вырабаў з ільновалакна 3-га разраду. «Мая задача — вышываць, — расказвае хлопец. — Я даволі ўседлівы і скрупулёзны, таму, як кажуць педагогі, атрымліваецца нядрэнна. Гатовая вышыўка пасля прымацоўваецца да заплечнікаў і шопераў. Гэта вырабы ручной работы, яны добра цэняцца».
Пансионат «Родник» – это не просто учреждение. Это дом, где забота становится профессией, а профессия – призванием.
«Немощные старики окажутся на улице», «людей заставили страдать», «многие не переживут транспортировку и стресс»… Какие только страшные прогнозы не звучали из уст владельцев и сотрудников частных пансионатов, которые не прошли процедуру лицензирования и с 1 октября были вынуждены закрыться. Что изменилось за два месяца? Печальные предсказания сбылись? Наши корреспонденты выяснили, где теперь живут постояльцы прекративших […]